Адведалі



Мікола Янчанка

Любяць хлопцы дзядзьку Васіля. За тое, што заўсёды вітаецца і размаўляе з імі, як з дарослымі, што справамі іх цікавіцца. I хлопцы рады сустрэчы з дзядзькам. Хоць той спачатку і пакепліваў з іх. Сустрэў аднойчы Янку з Антосем і ну іх дакараць:
— Вы навошта ў майго верабейкі пёрка вырвалі?
— Гэта не мы, — пачаў апраўдвацца Янка.
— Чэснае піянерскае! — пакляўся Антось, хоць хадзіў яшчэ ў дзіцячы садок і, вядома, не насіў піянерскага гальштука.
— Як не вы? — усміхнуўся дзядзька. — Хто бегае хутчэй за ўсіх хлапчукоў нашага двара? Значыць, і майго верабейку вы дагналі і пёрка ў яго вырвалі.
I сапраўды, бегаюць яны хутчэй за ўсіх. Таму ціхі Янка хацеў нават папрасіць прабачэння і паабяцаць дзядзьку Васілю не вырываць пёрак у яго вераб'ёў. Ды Антось выручыў:
— Як жа мы дагонім таго вераб'я? У нас жа крыльцаў няма!
— Няўжо няма? — усумніўся дзядзька.
— Няма! — узрадаваўся Янка. — Во, рукі ў нас!
— Тады не вы, — згадзіўся дзядзька Васіль. — Даруйце! Даруйце, хлопцы.
Вось якія размовы былі! Цяпер дзядзька Васіль з іх не смяецца. А сустрэўшы, вітаецца і пытае з усмешкай:
— Ну як жыццё маладое?
— Нішто сабе, — апускае галаву Янка.
— Добрае! — весела адказвае бойкі Антось.
А нядаўна дзядзька Васіль нават папрасіў хлопцаў дапамагчы яму:
— Я без вас, як без рук, хлопцы. Дрэўцы не магу пасадзіць.
— Добра, — кажа Антось, — выручым.
I пайшлі, выручылі. Янка дрэўцы прытрымліваў, пакуль дзядзька Васіль прысыпаў камельчыкі зямлёю. Антось ваду маленькім вядзерцам насіў ды паліваў саджанцы.
I на забавы таксама запрашае хлопцаў дзядзька. У мінулую суботу сонечны дзянёк выдаўся.
— Гайда на рэчку! — кажа дзядзька. — На сонцы пазагараем. А мо і пакупаемся.
— Гайда! — узрадаваліся хлопцы. I пайшлі побач з дзядзькам.
Ішлі, бы вялікія. Як і ён, рукамі размахвалі. Пад крок яго падладжваліся. Прыйшлі да ракі. На сугрэве зацішнае месца выбралі. Скінулі кашулі і загараць пачалі. Пазагаралі — і да рэчкі. Але дзядзька спыніў іх:
— Відаць, купацца яшчэ ранавата. Я, як старэйшы, паспрабую.
I паспрабаваў. Толькі адразу ж з вады выскачыў:
— Халодная! — сказаў ён. — Але праз тыдзень можна будзе і купацца.
Праз тыдзень яны з самай раніцы стаялі ля чацвёртага пад'езда. Дзядзьку Васіля чакалі. Каб наконт прагулкі дамовіцца. Але хутка даведаліся, што дзядзька Васіль хворы.
— Напэўна, той раз прастудзіўся, — здагадаўся Янка.
— Праз нас цяпер чалавек пакутуе, — падтрымаў яго Антось і нечакана прапанаваў: — Зойдзем!
Зайшлі. Ляжыць дзядзька Васіль. Але, убачыўшы хлопцаў, павесялеў:
— Як жыццё маладое?
— Добра! — усклікнулі хлопцы.
— А я от злёг, — паскардзіўся дзядзька. — У горле дзярэ, і кашаль забівае.
Затым ён з цікавасцю слухаў навіны двара і дзіцячага садзіка, пахваліў свісткі, якія хлопцам куплялі.
— Пасвішчыце, мне не шкада, — прапанаваў Антось.
— Лепей вы, хлопцы. А то я закашляюся, — сказаў дзядзька.
Хлопцы і ну старацца. Так засвісталі, што цётка Аліна з кухні прыбегла:
— Што за гармідар?!
— Ніякага гармідару, — супакоіў яе дзядзька. — Проста сябры адведаць мяне прыйшлі.
— Гэта добра! — сказала цётка Аліна. — Бач, і табе лепей стала.
А дзядзьку Васілю сапраўды лепей стала. Ён ад душы засмяяўся, скінуў коўдру і прысеў на ложку. Затым пайшоў на кухню і прынёс хлопцам па цукерцы. На развітанне ж паабяцаў у наступную нядзелю пакатаць іх на лодцы.
— Куды гэта вы збеглі? — накінулася на хлопцаў маці Антося.
— Дзядзьку Васіля адведалі! — у адзін голас адказалі хлопцы і як доказ цукеркі паказалі. — Во!

Комментариев нет:

Отправить комментарий