Прыгажосць восеньскай прыроды

      Прырода — гэта ўсё тое, што наўкол нас: лясы, палі, лугі, рэкі, азёры... Кожнае з пералічанага — сапраўдная таямніца або, як яшчэ кажуць, непрачытаная кніжка. Колькі яе не чытай — яна кожны раз адкрывае нам нешта новае, да гэтага нязведанае.
      А прырода восенню! Гэта царства чырвоных, аранжавых, жоўтых фарбаў. Хіба могуць не зачароўваць погляд гэтыя яркія колеры восені?


Тут ты зможаш прачытаць:

  цудоўныя вершы>>>
                         і тут >>>
              а тут казка>>>

Гэтыя творы ты можаш узяць ў бібліятэцы:

Г. Аўласенка «Клён»
Р. Бензярук «Хто каго перакрычыць?»
Н. Галіноўская «На прагулцы»
М. Даніленка «Восень шыла сарафан»
А. Дзеружынскі «Хто вас у школу сабіраў?»
Я. Жабко «Залатая казка», «Восень вераснёвая»
В. Жуковіч «Маладая восень»
Клаўдзія Каліна «Верасень»
Г. Каржанеўская «Песенька»
Т. Мушынская «Як Дзяніска восені дапамагаў»
М. Пазнякоў «Першага верасня»
С. Панізнік «Верасень»
У. Ягоўдзік «Лісічкі»
і іншыя творы беларускіх аўтараў пра восень.



А гэта можаш прачытаць цяпер

Хто каго перакрычыць?
Р. Бензярук
        Максімка з дзедам пайшлі ў грыбы. Хораша ў лесе! Высокія яліны акружылі палянку з усіх бакоў. На прыгрэтым сонцам пагорку хлопчык знайшоў сямейку лісічак і стаў зразаць грыбкі.
      Калі Максімка ўзняў вочы, дзядулі побач не было. Хлопчык кінуўся ў адзін бок, у другі - дзед як скрозь зямлю праваліўся. Максімку раптам стала страшнавата. Ён дрыжачым голасам паклікаў:
- Дзеду!
І ў той жа момант нехта непадалёку азваўся:
- Ду-ду! Ду-ду!
- Ау! - грамчэй крыкнуў хлопчык.
Хтосьці невядомы, быццам гуляючы ў дражнілку, некалькі разоў паўтарыў «ау».
Максімка склаў рупарам далоні і закрычаў:
- Дзеду, ау!
Выразна пачулася:
- Ду-ду, ау!
Ад таго, што ён адзін і што нехта хоча з ім гуляць, хлопчыку зрабілася весела.
- Яшчэ пабачым, хто каго перакрычыць! - сказаў ён.
       Не паспелі скончыць гульню, як з-за дрэва выйшаў дзядуля з поўным кошыкам грыбоў.
- Я - тут. Чаго крычыш? Што, страшна?!
- Не, гэта мы гулялі, хто каго перакрычыць.
- А-а! - зразумеў унука дзядуля.
 А вы, дзеці, здагадаліся, з кім гуляў Максімка?


Залатая казка
Я. Жабко
Нам гасцінна дзверы
Восень адчыняе.
У залатую казку
Восень  запрашае.

У яе садочку
Яблыкі  паспелі.
Пацеркі  рабіны.
Зноў зачырванелі.

Косы залацяцца
У вярбы над рэчкай,
I макушка клена
Палымнее свечкай.

Казку шые восень
Срэбнай павуцінкай.
Мы ідзем у казку
Залатой сцяжынкай.

Верасень
С. Панізнік
Мне верасень руку падаў:
Ты ў школу свой партфель сабраў?
Сабраў партфель і сам сабраўся,
І з вольным летам развітаўся.
- Куды ж цяпер твой дзень імчыцца?
- Вучыцца, Верасень, вучыцца.

Комментариев нет:

Отправить комментарий